• Эх, абаронцы, абаронцы!...

    Навіны   2008-02-23 18:39 ад Prywid

    Дзень абаронцаў айчыны пачаў адчувацца яшчэ ўчора пад вечар. З тралейбусаў, бы яблыкі восенню, вывальваліся п'яныя асобы мужчынскага полу, якія апрыёры заўтра ператворацца ў "абаронцаў айчыны"...

    ...Наступіла заўтра. То бок - сёння, 23 лютага. У сувенірных аддзелах крамаў таўпяцца жанчыны, якія, мабыць, толькі ў апошні момант успомнілі, што ў іх сямі таксама пражывае АБАРОНЦА...

    ...А вось ізноў вечар. Усе падарункі падораны. Туалетныя воды панюханы сто разоў. Пены для галення пастаўлены ў ванны. Толькі ніхто з тралейбусаў не валіцца. Няма п'яных? Ды ну, глупства, канечне ёсць. Яшчэ болей, чым учора. Толькі сёння жаночая палова чалавецтва клапатліва выводзіць пад белы ручкі ўсіх нецвярозых "аборонцаў айчыны" з розных відаў транспарту і дастаўляе додому. Усё ж, хоць абы якія абаронцы, але свае родныя. Не кідаць жа ж іх на двары, дый яшчэ ў такое свята!..

    Каментарыі : (1)

  • З 17-га снежня “зайцы” пачнуць эканоміць больш у 2 разы!

    Навіны   2007-11-23 19:13 ад Prywid

    От еду сёння ў тралейбусе, думаю пра штосьці сваё і раптам чую праз дынамікі не звыклае “трымайцеся за поручні”, а нешта новае. Прыслухваюся да гэтага пашчотна-ціхага жаночага голасу: аказваецца, гэтая “добрая” кабета нагадвае нам, пасажырам, што з 17-га снежня ільготаў не будзе, а таму ільготныя праязныя можна будзе набыць толькі на першую дэкаду снежня, а квіткі кампаставаць - уключна па 16-ае чысло… Вось, спадарства, як час хутка бяжыць! Здаецца, калі там прымалі гэты законапраект пра ільготы? Думалася, што гэтыя паўгады да ўступлення яго ў моц будуць цягнуцца з вечнасць. Ажно не – снежань ужо на носе.
    Цікава было паназіраць за рэкцыяй грамадзян у тралейбусе: усе неяк вочкі апусцілі, засаромеліся… Толькі дзве школьніцы актыўна прарэагавалі на такую навіну – абмяняліся фразамі па тыпу “ну зусім афігелі, 600 рублёў аддавай, каб у аўтобусе праехаць!”.
    А прыходжу дадому, загружаю навіны БЕЛТА і чытаю:
    Цытата
    “До середины декабря должно быть выработано решение относительно льгот студентов на проезд. Об этом сказал сегодня президент Беларуси Александр Лукашенко, общаясь со студентами могилевских вузов. Глава государства считает, что университеты сами должны распределять деньги на проезд. "Мы могли бы поднять уровень стипендий, но это не снимет вопрос, так как студенты могут потратить деньги не на проезд. Поэтому решение должно приниматься конкретно по каждому случаю", - сказал президент”.
    Хм… От я пасядзеў, пасёрбаў гарбату перад сном дый паспрабаваў уявіць, што за індывідуальны разгляд кожнага выпадку. Напрыклад, спатрэбілася студэнту праехаць у гарадскім аўтобусе. Ну, скажам, з факультэта ў інтэрнат з’ездзіць ці, можа, наадварот. То ніякіх праблемаў – бярэш аркушык і пішаш дэкану заяву: “Шаноўны дэкан. Прашу выдаць мне два разы па 300 рублёў на праезд у інтэрнат, бо паеду з адной перасадкай. Але калі злаўлю патрэбны аўтобус і пазбегну перасадкі, то зэканоленыя 300 рублёў абавязваюся вярнуць. Дата, подпіс”.
    Ці яшчэ лепей. Можна ў кожны аўтобус бухгалтара з пячаткай пасадзіць. А студэнтам выпісваць камандзіровачныя пасведчанні на праезд. Зайшоў у аўтобус – і будзь ласкавы, пастаў у бухлагтара пячатку… От то будзе сапраўды індывідуальны падыход…

    Абмеркаваць на форуме: Тэма #24

    Каментарыі : (1)

  • Даеш да 90-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі 2 станцыі метро!

    Навіны   2007-11-07 21:06 ад Prywid

    Як кажа адзін мой знаёмы, толькі ў Беларусі могуць так шчыра святкаваць рэвалюцыю іншай краіны. А што, лішні выхадны - добрая нагода сустрэцца з родзічамі, сябрамі, пасядзець, пагутарыць за жыццё. А, напрыклад, у гэтым годзе можна было нават адчуць сябе першаадкрывальнікам.Якой там Амерыкі, хай сабе жыве спакойна, - новых станцый метро ў Менску - "Барысаўскі тракт" і "Уручча".
    Ну што можна сказаць пра гэтыя навінкі ў сталічным метрапалітэне? Мяркую, што дзядулі Леніну спадабаліся б: чыстыя, сучасныя, прыгожыя (асабліва - "Уручча" ў блакітных адценнях), ёсць пандусы і ліфты для інвалідаў... Дый зайсці на новыя станцыі 7-га лістапада можна было бясплатна - ну зусім як пры камунізме!
    Цікава, што ў тунэлях больш няма жахлівай цемры, бо на сценах вісяць лямпы дзённага святла. Таму цягнік з'яўляецца на станцыю не з цёмнай пячоры, а з утульнага такога калідорчыка, па якім нават цягне няспешна прагуляцца....
    От толькі ніяк не магу ўцяміць, каму прыйшло ў галаву пакласці ў падземных пераходах слізкую плітку?.. Лёгкі марозец, слота, трохі вады - і во вынік: на маіх вачах два чалавекі бахнуліся аб глебу шулёнкам. Ось Ленін бы адразу стаў на бок пралетарыяту, залез бы на бранявік і скамандаваў б: "А ну-ка хуценька падлогу пашарпаць!" Але Уладзімір Ільіч памёр даўно, дык хто ж пра плітку дзеля пралетарыята паклапаціцца?..

    Каментарыі : (1)

  • Прэзентацыя кнігі вершаў

    Навіны   2007-11-03 20:58 ад Prywid

    Уяўляеце, лёг сёння паспаць удзень гадзіну-другую. Прачынаюся, значыць, праз хвілін 120-130, бяру перш-наперш са стала мабільнік і пачынаю гартаць СМСкі і папушчаныя выклікі. І не магу ўцяміць: мяне віншуюць з першым снегам. Падбягаю да акна - і праўда, СНЕГ! От так бывае: лёг спаць восенню, а прачнуўся - зіма на двары...

    А зараз пяройдзем да справы. Спадарства! Маю шчасце ўсіх запрасіць на

    ПРЭЗЕНТАЦЫЮ КНІГІ ВЕРШАЎ

    ВОЛІ ЧАЙКОЎСКАЙ "Л У П Ы"
    ,

    якая адбудзецца 24 лістапада 2007 года ў горадзе Віцебску ў музычнай гасцёўні (вул.Фрунзэ, побач з літаратурным музеем і летнім амфітэатрам).

    Пачатак мерапрыемства а 16-ай гадзіне. Уваход - 1000.
    Гасцей чакае шэраг сюрпрызаў.

    Задаць пытанні пра прэзентацыю ды падзяліцца думкамі можна вось тут - Тэма #41.

    Каментарыі : (0)

  • Шануйце...

    Навіны   2007-09-06 09:42 ад Prywid

    "Шануйце нашу родную мову!" - менавіта пад такой назвай у аўторак 4 верасня 2007 года ў газеце "Советская Белоруссия" выйшаў артыкул пра Дзень беларускага пісьменства ў Шклове. "Ну, - думаю, - нарэшце "СБ" пра мову ўспомніла!" І толькі прыладзіўся чытаць матэрыял, як... беларуская мова закончылася! Пару абзацаў на першай старонцы сапраўды былі набраныя на родная мове, а на другой старонцы - тэкст чамусьці ўжо па-руску... Называеца, пашанавалі - і хопіць...

    Ну ды Бог з яй, гэтай "Советсткой Белоруссией" і спадарыней Ірынай, аўтаркай матэрыяла! Бо на нашым праекце "СВЕТАПОГЛЯД" мы сёння таксама кагосьці пашануем. Не, не беларускую мову. Яна і так у нас у пашане, калі заўважылі. Сёння мы аддаем даніну дзядуле Леніну і выкладваем у "Галерэю" дзве яго віцебскія фотакарткі, зробленыя спадарыняй Valkiriyaj . Любаваца Уладзімірам Ільічом можна вось ТУТ.

    Каментарыі : (0)

  • З'явілася беларуская мова для Nero Burning Rom 7.2.3.2!

    Навіны   2007-08-19 17:44 ад Prywid

    Добрага дня!

    “Калі нічога не дапаможа, прачытайце, нарэшце, інструкцыю” – напісана у лістку календара пад рубрыкай “Бескарысныя парады”. Скажыце, чаму ў славян такі адмысловы менталітэт? Вось, напрыклад, у японцаў дзверы зроблены з нейкіх там драўляных рашотак і нацягнутай на іх ці то паперы, ці то тканіны. І, заўважце, гэтыя дзверы спраўна працуюць: расчыняюцца, зачыняюцца і нават не рыпяць! А зараз перанясіцеся назад на нашую зямлю. І ўявіце такія дзверы ў беларускай рэчаіснасці! 100 адсоткаў даю, што яны спачатку б рассохаліся, а потым набухлі. А расчыняліся б толькі пры прыкладанні нечалавечай моцы… Ну сапраўды, чаму так атрымліваееца, што ў кожным беларускім акне ёсць шчыліны, а ў японскіх дзвярах – не?..

    Ну а зараз пяройдзем да менш сур’ёзных рэчаў. Спадарства! Зараз у Вас з’явілася магчымасць запісваць дыскі і на беларускай мове! Не, дыскі застануцца ўсё тымі жа пераважна кітайскімі ці расейскімі, а вось самая папулярная праграма для прапалу дыскаў NERO BURNING ROM 7 зараз мае пераклад на беларускую мову. Так, праца была зроблена вялікая, і, будзем спадзявацца, зроблена не дарэмна. Спампаваць пераклад да NERO 7 можна вось тут. Даеш беларусам Беларускі Софт!


    P.S. Думкі пра вокны і дзверы навеяны праглядам кінастужкі “Мемуары гейшы” (лепш позна паглядзець, чым ніколі). А поўны тэкст “Бескарыстных парад”, калі яны Вас зацікавілі, можаце знайсці вось тут.

    Каментарыі : (0)

  • Ці чыталі "На долгую память"?

    Навіны   2007-08-14 17:34 ад Prywid

    Дзень добры!

    Спадарства, што дзееца ў Свеце?

    …Нехта піша вершы накшталт:

    Цытата
    “Благодарны белорусы
    Мозырянке Ситник Ксюше.
    Как она прекрасно спела:
    "Мы вместе все будем дружить".
    Нежным голосом сумела
    Всю Европу покорить.
    Нынче знает Ксюши имя
    Старый свет и Новый свет.
    В Белоруси героиней
    Ксюша стала в десять лет.
    Пусть всю жизнь ей ярко светит
    Путеводная звезда,
    За победаю победа
    Пусть сопутствует всегда!
    Восхищение, гордость, радость
    Дарит людям вновь и вновь,
    А за это ей в награду -
    Всенародная любовь.”


    А нехта такія вершы чытае і лае. Або хваліць. У залежнасці ад СВЕТАПОГЛЯДа. Вось і мне патрапіла кніжка з такім вершам - і я нават не ведаю што рабіць: смяяцца ці плакаць. А можа проста аб’явіць конкурс на СВЕТАПОГЯЛЯДзе: хто адгадае прозвішча аўтара?

    …Нехта 13-га жніўня адзначаў Сусветны дзень ляўшэй. Хм… “Нехта” – слаба сказана: калі верыць Інтэрнэт-рэсурсам, да катэгорыі “нехта” адносіцца 10-15 адсоткаў насельніцтва нашай планеты. І як жа пашанцавала гэтым людзям – і творчыя яны, і больш зарабляюць грошай, і спецыялісты высокаякасныя, і маюць больш хуткую рэакцыю. Вось толькі шкада, што нажніцы і адкрывалкі не разлічаны на хуткую рэакцыю, а значыць - і на 10, а то і цэлых 15 адсоткаў насельніцтва Зямлі.

    … Нехта глядзіць кінастужкі. Напрыклад, я. Ці ведаеце, як зрабіць, каб усе без выключэння прадстаўнікі гот-субкультуры палюбілі святло, а таварышы металісты памылі і прычасалі свае “хаеры”? Не, неведаеце? Тады Вам глядзець фільм “Іншы Свет ІІ: Эвалюцыя” (“UNDERWORLD: EVOLUTION”)! Ну… Па шчырасці сказаць, фільм не пра гэта, але ўспомніце канцоўку (хто глядзеў) і дадайце крыху фантазіі: калі забіць самага галоўнага ў свеце Гота, то ўсе готы перастануць баяцца святла, а калі забіць галоўнага Металюгу – то усе металісты адразу стануць чыстымі (ну насамрэч: увесь фільм дзядзька гібрыд быў у нейкім мазуце, а у канцы – нібы паўдня мыўся з мылам…).

    Ну а зараз па справе. На сайце Міністэрства адукацыі можна знайсці новую рэдакцыю “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”! Так што, пакуль Правілы не зацвердзілі афіцыйна, пампуйце, чытайце і дасылайце аўтарам заўвагі і прапановы. Праігнаруеце з-за ляноты – і самі потым будзеце мучыцца ў школках ды універсітэтах, а таксама Вашыя дзеці ды ўнукі. Падрабязнасці вось тут. Дарэчы, пунт 1-шы сёмага параграфа кажа:
    Цытата
    “У першай частцы складанага слова літара е захоўваецца незалежна ад таго, на якім складзе націск у другой частцы: сенакасілка, серпадзюб, верхнеазёрскі, белабрысы, землетрасенне, светапогляд, свежавымыты, свежамарожаны, сенажаць...”
    Так што у нас усё без зменаў!

    І яшчэ. На СВЕТАПОГЛЯДзе з’явілася новая ДУМКА! Дзякуй спадарычне Валькірыі за дасланы твор “На долгую память”. Чытайце яго вось тут, выказвайце свае меркаванні дый бярыце са спадарычні прыклад і дасылайце таксама свае ДУМКІ на СВЕТАПОГЛЯД! Чакаем!

    Каментарыі : (4)

  • Атака на "СВЕТАПОГЛЯД"

    Навіны   2007-07-08 18:31 ад Prywid

    2 ліпеня "СВЕТАПОГЛЯД" быў атакаваны дрэннымі дзядзькамі ці, можа, цёткамі - на старонкі былі прыкручаны спасылкі на нейкі левы сайт. Зараз усё хібы выпраўлены і спасылкі "адкручаны" назад . "СВЕТАПОГЛЯД" працягвае сваё існаванне. Адміністрацыя сайта просіць выбачэння за часовыя праблемы. Што ж, будзем працаваць над больш дасканалай аховай сайта.

    Каментарыі : (1)

  • Вітаем Вас на "Светапоглядзе"!

    Навіны   2007-04-17 13:37 ад Prywid

    Вось Вы ўжо тут. Куды зазірнуць у першую чаргу?.. Напэўна, гэта вырашаць Вам і толькі Вам, але ж паспрабуем Вам трошачкі дапамагчы

    Першы раздзел нашага праекта завецца "Галерэя". Што Вас там можа зацікавіць? Магчыма, Вам прыйдуцца да спадобы фотавыявы з краявідамі роднай Беларусі памерам 1024 на 768 пікселяў - як раз на Ваш працоўны стол!

    Ідзем далей. Наступны раздзел - "Думкі". Тут Вы маеце унікальную магчымасць чытаць думкі іншых людзей, датыкацца да самага патаемнага, даведвацца пра тое, што хвалюе іншых людзей, чым яны жывуць і якім паветрам дыхаюць. Але прывабнасць гэтага раздзела ў тым, што і Вашыя думкі маюць права на жыццё! Не саромейцеся, дзяліцеся сваімі думкамі з людзьмі!

    "Беларусізацыя" - не думайце, што гэта зусім забытая справа пачатку 20-га стагоддзя! Сёння яна працягваецца пад лозунгам: "Даеш беларускі софт!". Заходзьце, пампуйце патчы і... далучайцеся да беларусізацыі інтэрфейсу!

    І, нарэшце, "Форум". Тлумачыць тут няма чаго - калі ёсць жаданне знайсці адмадумцаў ці паспрачацца з іншадумцамі - ласкава запрашаем!..

    Прыёмнага баўлення часу!

    P.S. Дарэчы, калі ў Вас з'явілася жаданне размясціць на сваім сайце спасылку на "Светапогляд", то Вам сюды.

    Каментарыі : (1)

  • Час ідзе!

    Навіны   2007-04-05 02:32 ад Prywid

    Дзень добры, спадарства!

    Час не стаіць на месцы - і вось ужо Вы маглі заўважыць на сайце з'яўденне раздзела "ДУМКІ". Гэты кавалачак "СВЕТАПОГЛЯДА" яшчэ зусім маленечкі, аде - не надозга. Колькасць думак будзе абавязкова расці. І тым ліку і... з Вашай дапамогай! Заходзьце ў "ДУМКІ", чытайце і абавязкова пішыце свае думкі, бо кожная думка мае права на існаванне.

    Каментарыі : (1)

Паказаць загалоўкі   Архіў

Свежыя каментарыі

Старонка #40 (Воўк, 09-20)
Навіна #12 (nomad, 03-02)
Старонка #13 (Ананімны, 12-18)
Навіна #11 (Valkiriya, 11-26)
Навіна #10 (Daniell, 11-07)
Навіна #6 (Prywid, 08-18)
Навіна #6 (AlloyMio, 08-18)
Навіна #6 (Prywid, 08-15)
Навіна #6 (Ананімны, 08-15)
Навіна #4 (AlloyMio, 08-08)

Каталог TUT.BY